15.09.2022
Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама Міхаілам Сушчэўскім выехала ў Мажэйкаўскі сельсавет. Тут, у будынку саўгаснай канторы сабраліся працаўнікі саўгаса “Вялікае Мажэйкава”. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Цюсіна пазнаёміла прысутных з гасцямі, запрасіла да выступлення прадстаўніка абласной інфармацыйна-прапагандысцкай групы – старшыню камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Каменданта.
-- Я ўпершыню ў Вялікім Мажэйкаве, але ведаю, наколькі ўнікальная ў вас гаспадарка, што спецыялізуецца яна ў тым ліку і на вытворчасці лекавых раслін, -- распачаў свой дыялог з калектывам Аляксандр Аляксандравіч.
Прамоўца гутарыў не толькі на блізкую яму тэму эканомікі, але і распавёў аб гісторыі беларускай дзяржаўнасці як аснове грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва, закрануў падзеі 17 верасня 1939 года, гераічны перыяд Вялікай Айчыннай вайны, якая пакінула сваю адмеціну на кожнай беларускай сям’і, выказаў недапушчальнасць таго, што сёння нават нашы блізкія краіны-суседкі робяць спробы кан’юнктурна “перапісаць” гісторыю, разбураюць помнікі, забываючы пра нашу агульную барацьбу з фашызмам.
З цікавасцю гутарылі і пра дзень сённяшні, пра Беларусь сучасную з яе перадавымі тэхналогіямі, будаўніцтвам Астравецкай АЭС і новымі энергетычнымі перспектывамі. А.А. Камендант падкрэсліў высокую ступень бяспекі БелАЭС.
Па традыцыі ў адзіны дзень інфармавання ўздымаюцца самыя злабадзённыя тэмы. Так, першы намеснік начальніка Шчучынскага РАНС Андрэй Умецкі расказаў аб абстаноўцы з пажарамі, даў шэраг карысных парадаў у сувязі з ацяпляльным сезонам, падкрэсліў, наколькі важна ўстанавіць у кожным доме прыборы АПІ, дзякуючы якім толькі сёлета ў рэспубліцы былі выратаваны 86 чалавек, у тым ліку 32 дзіцяці.
Актуальную інфармацыю з мноствам жыццёвых прыкладаў данёс да прысутных Аляксандр Ванюкевіч, начальнік аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Шчучынскага РАУС. Асаблівую ўвагу Аляксандр Канстанцінавіч сканцэнтраваў на кіберзлачынствах, а прасцей кажучы на выманьванні грошай і рэквізітаў банкаўскіх картак так званымі тэлефоннымі машэннікамі. Падзяліўся А.К. Ванюкевіч і яшчэ адной вострай праблемай: нашу моладзь і нават дзяцей актыўна ўцягваюць у распаўсюджанне наркотыкаў, таму бацькі павінны быць асабліва пільнымі, удзяляць сваім сыночкам ды дочкам больш увагі, сур’ёзна займацца выхаваннем, ведаць інтарэсы і круг сяброўства дзяцей.
Тэму бяспекі працы ўсебакова асвяціў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук. Падводзячы вынікі гэтай пазнавальнай і карыснай ва ўсіх адносінах сустрэчы намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі выказаў працаўнікам саўгаса “Вялікае Мажэйкава” словы падзякі за іх добрасумленную работу, добры ўраджай з палёў, цалебныя расліны, якія яны вырошчваюць для ўсёй краіны.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.